ГІПСАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, на якіх адлюстраваны рэльеф у выглядзе гарызанталей з расфарбоўкай па вышынных ступенях. Рэльеф паказваецца спосабам умоўных сячэнняў лініямі роўных вышынь (гарызанталямі або ізагіпсамі). Яны праводзяцца праз розныя вышынныя інтэрвалы ў залежнасці ад характару рэльефу, маштабу і прызначэння карты. Найб. пашырана шкала афарбоўкі, дзе выкарыстоўваецца карычневы колер, які згушчаецца з нарастаннем вышыні. Упершыню рэльеф тэр. Беларусі паказаны на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі, складзенай рус. Картографам А.А.Ціло ў 1889 у маштабе 1: 2 520 000.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)